Сусветны банк гатовы даць Беларусі грошы на развіццё прыватнага сектара
Беларусь выйшла з сур'ёзнай рэцэсіі, але яе эканамічны рост пакуль слабы і няўстойлівы. Пра гэта кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер заявіў журналістам, перадае tut.by.
Беларуская эканоміка расце пераважна за кошт замежных крэдытаў і павышэння сусветных коштаў на сыравіну, а не за кошт росту ўнутранай прадукцыйнасці.
На пачатку красавіка Сусветны банк прыняў новую рамачную стратэгію партнёрства для Беларусі на 2018-2022 гады. Адной з асноўных задач гэтай стратэгіі з'яўляецца спрыянне ў стварэнні прадуктыўнага прыватнага сектара і зніжэнне залежнасці ад знешніх фактараў. У рамках новай праграмы Сусветны банк зацвердзіў дапамогу для нашай краіны на ўзроўні 570 млн долараў (у мінулай стратэгіі запланаваны аб'ём каля 500 млн долараў у выніку быў падвоены).
Кіраўніца прадстаўніцтва IFC Вольга Шчарбіна паведаміла, што ў рамках новай стратэгіі на 2018-2022 гады IFC плануе захаваць аб'ём інвестыцый для Беларусі на ўзроўні 80-120 млн долараў. Па яе словах, дзейнасць IFC залежыць ад актыўнасці прыватных кампаній, макраэканамічнай сітуацыі, рашучасці беларускага ўрада рэалізоўваць праграму прыватызацыі і дзяржаўна-прыватнага партнёрства. "Падтрымка прыватнага сектара знаходзіцца ў цэнтры ўвагі новай стратэгіі Банка, і IFC разлічвае на перамены, якія могуць адбыцца дзякуючы нашаму спрыянню", — патлумачыла Шчарбіна.
Яна асцярожна ацаніла апошнія крокі беларускіх уладаў па разняволенні бізнэсу. Хаця дэкрэт №7 яшчэ толькі набыў моц і прыватны бізнэс не паспеў папрацаваць па-новаму, але Шчарбіна выказала надзею на пазітыўныя змены.