Свабодныя спартсмены Беларусі паўдзельнічалі ў адкрыцці Еўрагульняў у Кракаве
Еўрагульні праходзяць у Кракаве / pap.pl
21 чэрвеня беларуская дэлегацыя на афіцыйнае запрашэнне Міністэрства спорту і турызму Польшчы бярэ ўдзел у цырымоніі адкрыцця III Еўрапейскіх гульняў у Кракаве. Пра гэта паведаміў яе ўдзельнік, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. У складзе дэлегацыі таксама Міхаіл Залеўскі, былы гендырэктар ФК БАТЭ, намеснік Латушкі, які адказвае за пытанні санкцый у сферы спорту, вядомы беларускі футбаліст і трэнер Аляксандр Хацкевіч, беларускі самбіст Сцяпан Папоў (у РБ яго звольнілі з працы як іншадумца), беларускі кікбаксёр Іван Ганін (у Беларусі ён трапіў пад рэпрэсіі), лучніца Карына Казлоўская (яна вымушана была з'ехаць за мяжу).
"Удзел беларускай дэлегацыі ў цырымоніі адкрыцця ІІІ Еўрапейскіх гульняў па афіцыйным запрашэнні краіны-арганізатара — крок да адасаблення лукашэнкаўскіх спартсменаў, якія падтрымліваюць прапаганду, ад беларускіх спартсменаў, якія адкрыта выказалі пратэст супраць злачынстваў рэжыму, — кажа Павел Латушка. — Гэта выдатны прэцэдэнт для міжнародных спартыўных інстытутаў і арганізатараў спаборніцтваў. Спадзяёмся, што ён стане прыкладам для іншых".
Прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і спартсменаў з РБ на Еўрагульні ў Польшчу арганізатары не запрашалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.