Святлана Ціханоўская пракаментавала падручнікі пра генацыд ад пракуратуры
Падручнікі пра генацыд выпусцілі ў трох варыянтах для розных узроставых груп
Генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х гадах — ён адбываецца ў Беларусі проста цяпер. Так адрэагавала на навіну пра прэзентацыю школьных падручніка "Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны" Святлана Ціханоўская.
Прэзентацыя гэтага падручніка адбылася напярэдадні ў адной з мінскіх школ. У прэс-службе Генпракуратуры, якая, па сутнасці, зрабілася сааўтарам, расказалі, што ў падручніках гаворыцца пра "карныя аперацыі нацыстаў, лагеры смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, дзейнасць калабарацыянісцкіх фарміраванняў, а таксама пра подзвіг і гераізм беларускага народа, у тым ліку дзяцей, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і незалежнасць". Кнігі распрацавалі ў трох варыянтах — для вучняў 1-4, 5-9 і 10-11 класаў.
Са слоў Святланы Ціханоўскай, у гэтых падручніках, напісаных пад дыктоўку прапагандыстаў і сілавікоў, рэжым не раскажа праўду дзецям. "Не раскажа пра тое, як дзесяцігоддзямі ліквідуе апанентаў Лукашэнкі. Не раскажа, як тысячамі саджае беларусаў за краты, каб выкараніць любое іншадумства. Там не раскажуць пра тое, як рэжым некалькі разоў перапісваў нашу гісторыю, забараняў любыя згадкі пра нашых герояў і ўносіў у спісы "экстрэмісцкіх матэрыялаў" найлепшыя творы беларускіх аўтараў", — адзначыла яна.
На яе думку, генацыд беларусаў ідзе проста цяпер — "у турмах, дзе палітвязняў пазбаўляюць дапамогі, медыкаментаў і рэчаў першай неабходнасці, асуджаючы на павольную смерць. У РУУС, дзе з людзей сілай выбіваюць паказанні і прымушаюць запісаць пакаянныя відэа. У школах і ўніверсітэтах, дзе людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалогіяй — і ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсці супраць сістэмы". А сілавікі, якія, здавалася б, павінны абараняць беларусаў, сталі сапраўднымі карнікамі.
Лідарка дэмсіл адзначыла, што, нягледзячы на гады прапаганды, беларусы ведаюць праўду, ведаюць сваю гісторыю і памятаюць герояў. "І наша задача цяпер — не даць прапагандзе пранікнуць у галовы нашых дзяцей", — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.