Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Лехам Валенсам і Анджэем Дудам
Лех Валенса / РАР
Святлана Ціханоўская наведае Гданьскую суднаверф і сустрэнецца з Лехам Валенсам, піша рэсурс "Позірк" са спасылкай на дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку.
"Сустрэча важная, таму што адбудзецца напярэдадні цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, сярод лаўрэатаў якой сёлета беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі", — патлумачыў Вячорка.
Валенса таксама лаўрэат Нобелеўскую прэмію міру, якую ён атрымаў у 1983 годзе. У пачатку 80-х ён стварыў на Гданьскай верфі прафсаюз "Салідарнасць", які адыграў важную ролю ў падзенні камуністычнага рэжыму ў Польшчы. У 1981 годзе сябрамі гэтага прафсаюза былі больш за 9 мільёнаў чалавек, у асноўным індустрыяльныя рабочыя. У 1990-95 гады Валенса быў прэзідэнтам Польшчы.
Па словах Вячоркі, практычных палітычных мэтаў у сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Валенсам няма, "гэта жэст узаемнай салідарнасці, павагі і нагода падзякаваць Валенсу ў тым ліку за падтрымку Беларусі, дэмакратычных зменаў".
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з дзейным прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам запланаваная на 8 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.