Сям’ю беларускіх уцекачоў улады Літвы вывезлі ў Польшчу

Сям'я Тупоўскіх

Сям'я Тупоўскіх / Андрэй Тупоўскі

Улады Літвы адправілі ў Польшчу сям'ю беларускіх палітуцекачоў, перадае Радыё "Свабода".

Былы беларускі памежнік Андрэй Тупоўскі выехаў з Беларусі пад пагрозай палітычнага пераследу год таму. Сям'я з двума непаўналетнімі дзецьмі планавала жыць у Літве, але на пачатку снежня 2023 года была вымушаная перабрацца ў Польшчу.

Па прафесіі Андрэй слесар, у Літве ён таксама знайшоў працу слесара ў будаўнічай фірме. Жонка ў Вільні працавала ў гатэлі. У абаіх праблемы з здароўем. Андрэй — інвалід трэцяй групы па зроку. Падчас адседкі ў магілёўскім ізалятары за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе ён перанёс трамбоз вока. У жонкі, якую затрымлівалі за пратэсты і каралі штрафам, ад перажытага стрэсу развіўся нервовы разлад — страчвае прытомнасць, падае і можа сябе траўмаваць.

У ліпені 2023-га Тупоўскія падалі ў Дэпартамэнт міграцыі Літвы хадайніцтва на міжнародную абарону як палітычныя ўцекачы. Але праз два месяцы ім прыйшоў адмоўны адказ. Літоўскія чыноўнікі спаслаліся на Дублінскую канвенцыю 1990 года. Згодна з ёй прашэнне аб міжнароднай абароне мусіць разглядаць тая краіна, якая выдала ўцекачам уязныя візы. У Тупоўскіх візы былі польскія.

Беларусы спрабавалі аспрэчыць рашэнне праз суд, але прайгралі. У лістападзе міграцыйная служба папярэдзіла, што іх на спецыяльным аўтамабілі адвязуць у Польшчу, улады якой згодныя іх прыняць і разгледзець іх хадайніцтва аб прытулку.

Андрэй Тупоўскі не выключае, што літоўскія ўлады маглі ім адмовіць за тое, што ў сярэдзіне 90-х ён служыў у памежных войсках Беларусі. Гэты факт ён пазначыў у дакументах на прытулак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі