Сяргей "Sanki": "Куклы" не прагрэсавалі... Я не знаходзіў сэнсу заставацца"
Лідар гучнай хардкор-фармацыі 2000-х распавядае, куды знік на 4 гады, што граюць белыя шаманы, ці ёсць рок у Кітаі і ці ацалеў шумавік-дэструктар.
"Никогда не забывай, кто ты, забудешь — умрёшь!" — спявае вакаліст "Кукол" у песні "Главарь". Зусім нечакана ў студыю Еўрарадыё прыходзіць зусім іншы Сяргей "Sanki": падкрэслена інтэлігентны, без фірмовай шапкі і з'едлівых слоўцаў. Ён разважае пра дзэн і заўтрашні дзень, а таксама прадстаўляе нам музыку са свайго сайд-праекта White Shamans.
"Куклы"вырашылі аб'яднацца і выступаць зноў
Еўрарадыё: Апошнія навіны пра цябе прыходзілі з Тыбету. Дзе ты быў усё гэты час і чаму з'ехаў з Беларусі?
Сяргей "Sanki": "Куклы" сыходзілі ў творчы адпачынак. Наш апошні альбом "Кайф" выйшаў у 2008 годзе, і з тых часоў мы не выступалі і не запісваліся. А да моманту майго ад'езду склалася такая сітуацыя, што гурт не развіваўся, але і не прагрэсаваў. Наш рух пайшоў на спад. Я не знаходзіў для сябе сэнсу заставацца тут. Таму вырашыў нешта памяняць — заняўся справамі і ў выніку на 4 гады трапіў у Кітай. Падарожнічаў, дасягаў прасвятлення, знаёміўся з усходнім менталітэтам, ўбіраў яго, вывучаў кітайскую мову...
А цяпер я вярнуўся ў Мінск і збіраюся заняцца любімай справай — музыкай. "Куклы" вырашылі аб'яднацца і выступаць зноў. Мне падаецца, гэта ў нас добра атрымліваецца! Хоць з часоў нашага апошняга выступу прайшло гадоў 5 — досыць вялікая паўза. За гэты перыяд музыка сышла ў інтэрнэт.
Еўрарадыё: Ці захаваецца арыгінальны склад "Кукал"?
Сяргей "Sanki": Так, "Куклы" будуць выступаць у ранейшым складзе. Старая добрая каманда будзе граць свае песні. Олдскул ў адборным варыянце!
Еўрарадыё: Шумавік-дэструктар таксама на месцы? Раскажы, дарэчы, як у вас з'явілася гэтая цудоўная машынка?
Сяргей "Sanki": Гэтую машынку я калісьці купіў па аб'яве на барахолцы. Потым мы яе выкарыстоўвалі як працэсар эфектаў, аднак у нейкі момант я зразумеў, што яна можа больш! Гэта, можа быць, прымітыўны, але ў чымсьці арыгінальны грув-бокс. Дастаткова просты ў кіраванні і разнастайны адначасова. Я падараваў яе свайму сябру Віктару "Піктару" Васіленка, нашаму нязменнаму шумавіку-дэструктару. А ён яе паспяхова асвоіў, так і з'явіўся фірмовы саўнд "Кукал". Як ні дзіўна, сэмплер да гэтага часу працуе! Калі калі-небудзь у нас з'явіцца музей музыкі, можна будзе яго туды здаць.
Віця ўвесь час тэлефануе і кажа: "Я хачу прыехаць на рэпу!" А мы заўсёды жартуем: "Віця, што табе там рэпаць? Ты заўсёды суперстар! Выйшаў, крутануў пару ручак і ўжо сарваў авацыі, а мы табе проста падыгрываем".
Еўрарадыё: Ці пішаце нешта новае? Пагаворваюць, заспяваеце на беларускай?
Сяргей "Sanki": Не, такіх думак у мяне не было. Гэта крыху не адпавядае канцэпцыі гурта, але, дапусцім, пераспяваць нейкі альбом на беларускай было б вельмі цікава. Большасць песень "Кукал" напісана на рускай, гэта ўсё ведаюць. Будуць новыя кампазіцыі. Але ў бліжэйшы час мы выдадзім "The Best". Уся наша музыка ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце, але нейкі наклад мы ўсё ж выпусцім на CD.
Калі якая-небудзь рэкард-кампанія прапануе нам запісаць альбом, мы б з радасцю пагадзіліся. Ці, можа быць, проста падрыхтуем 10-12 новых песень, вокладку дыска, "накатку" на сам дыск і заднік, каб кожны жадаючы мог спампаваць трэкі, "нарэзаць" іх на CD, раздрукаваць паліграфію і атрымаць дыск цалкам бясплатна. Але пакуль у нас нават сайта свайго няма. Мы цалкам затапілі судна!
У Кітаі клубны рух больш актуальны за рок-н-рол
Еўрарадыё: У плане музыкі навучыўся чамусьці на Усходзе? Што там актуальна?
Сяргей "Sanki": Актуальны клубны рух. Сам Кітай — крыху закрытая краіна для рок-н-ролу і рок-музыкі. У іх іншая філасофія, усё ж такі, будызм. І рок-музыкі там не частыя госці. Асабліва такія дэструктыўныя, выбуховыя, з асацыяльным іміджам. Яны не хочуць іх у сябе бачыць. Дзіўна, але чуў, што ў гэтым годзе там выступяць Metallica і Radiohead.
Еўрарадыё: Можа, прывёз адтуль якія-небудзь цікавыя інструменты?
Сяргей "Sanki": На Усходзе вельмі шмат цікавых інструментаў. Я прывёз некалькі барабанаў, пару экзатычных перкусійных інструментаў, а таксама парачку гітар для сябе. Магчыма, мы на іх што-небудзь таксама сыграем. Дарэчы, увесь гэты час у Кітаі я таксама граў.
Еўрарадыё: На жыццё зарабляў?
Сяргей "Sanki": Не, што ты! (смяецца) Граў у сваё задавальненне, джэмаваў з рознымі музыкамі. Па нядзелях на некалькі гадзін арэндавалі студыю і ладзілі там поўны ўгар. Было выдатна! Таму граць я не развучыўся, наадварот — асвоіў шмат новых прыёмаў. Мне карціць нарэшце прымяніць ўсё гэта!
Цяпер у нас нешта накшталт хакейнай каманды, якая гуляе з заменамі і ў розных складах
Сяргей “Sanki” і Андрэй у студыі Еўрарадыё
Еўрарадыё: Па вяртанні знайшоў сваіх сяброў-музыкаў ці ўсё тут змянілася?
Сяргей "Sanki": Вядома, я быў вельмі рады знайсці сваіх сяброў. У мяне іх вельмі шмат! Наогул, мы ўвесь час заставаліся на сувязі, я ж не перарэзаў правады! Нават гралі адзін з адным па Skype! Творчы працэс ідзе, не спыняўся — проста мы не гралі канцэртаў. Хоць, у свой час мы сыгралі іх велізарную колькасць — каля 600.
Цяпер мы заснавалі новы праект — White Shamans. Часам, хочацца граць нешта накшталт рэгі або даба, і нават рэтра-дыска якое-небудзь! Хочацца эксперыментаваць! Усё залежыць ад настрою. Каб развіваць новы напрамак, мы стварылі новы праект. Сёння са мной наш клавішнік Андрэй.
Андрэй: Мы даўно знаёмыя, і я рад, што мы цяпер сабраліся пагуляць разам. Акрамя таго, што я граю на клавішах у White Shamans, я яшчэ адказваю за шумавыя эфекты, сэмплы і атмасферу. То бок — трохі і гукарэжысёр.
Еўрарадыё: Цяпер "Куклы" і White Shamans будуць існаваць паралельна?
Сяргей "Sanki": Разумееш, у гурта "Куклы" такі імідж, што, напрыклад, выйсці з канцэртам на пешаходную вуліцу К.Маркса ў нас наўрад ці ўдасца. Мы вырашылі граць і іншую музыку, тым больш, што яна ўжо ёсць.
Еўрарадыё: Новы праект — гэта проста хобі?
Сяргей "Sanki": Не, хутка плануем прыступіць да запісу. Да таго ж, думаем зняць відэа падчас канцэрта на К.Маркса 16 чэрвеня. Будзем глядзець, як развіваецца гурт, дадаваць у яго штосьці. У нас дастаткова матэрыялу, каб зрабіць сапраўды канцэптуальны праект. Зробім альбом або відэафільм. Акрамя мяне ў White Shamans граюць гітарыст "Кукал" Алесь "Ёган" Дрыго і бубнач Антон "Антуан" Арлоў. Цяпер у нас нешта накшталт хакейнай каманды, якая гуляе з заменамі і ў розных складах. Спаборніцтва!
Пост-хардкор? Тыбецкі хардкор!
Еўрарадыё: Ці не баішся праляцець з "Кукламі" цяпер? За гэты час у вас з'явілася шмат канкурэнтаў, ды і хардкор ужо не той.
Сяргей "Sanki": Канкурэнтаў заўсёды было шмат! Я стаўлюся да гэтага па-філасофску. Мы не ладзім тут нейкіх канкурэнтных войн, а проста граем сваю музыку і не супраць, каб такіх гуртоў было шмат.
Еўрарадыё: Ты ўжо паспеў пахадзіць па канцэртах нейкіх беларускіх гуртоў? Дарэчы, заўважыў — усе старыя клубы зачыніліся!
Сяргей "Sanki": Так, да мяне даходзілі такія чуткі! Пакуль я не трапіў на канцэрты да беларускіх гуртоў, але думаю, гэта хутка выпраўлю. Я ведаю, што цяпер ёсць клуб "Re:Public", і мне здаецца, што ён прадумана створаны для жывых выступаў. Было б выдатна там сыграць. Думаю, восенню выступім.
Серы, нам тут далі рок-карону! Я ўжо ўсё забраў!
Еўрарадыё: Давай пагаворым пра тыя часы, калі "Куклы" былі на хвалі. У 2005 годзе вы павінны былі атрымаць Рок-карону, але нібыта пасварыліся з арганізатарамі і прыз аддалі ТТ-34. Што адбылося насамрэч?
Сяргей "Sanki": Гэта вельмі цікавая гісторыя. Нашу першую карону мы атрымалі ў 2003 годзе ў намінацыі "Адкрыццё года". Тады мы толькі выпусцілі альбом "Звуковое оружие". Мы нічога не ведалі пра гэта, нас нават не запрасілі на канцэрт! Аднак туды выпадкова трапіў наш прадзюсер, які патэлефанаваў мне і сказаў: "Серы, нам тут далі Рок-карону! Я ўжо ўсё забраў!"
Другая пацешная гісторыя на "Рок-каранацыі" адбылася з намі ў 2006 годзе. Мы павінны былі атрымліваць Карону ў намінацыі "Альтэрнатыўны гурт года". Мы ўжо стаялі за кулісамі, і нас папярэдзілі, што літаральна праз хвілін наш выхад. І раптам абвясцілі не нас, а гурт ТТ-34! Прычым, нават на канверце было закрэслена "Куклы" і напісана зверху ад рукі. Потым была нейкая мышыная валтузня за кулісамі, і мы, зразумела, не выйшлі.
Еўрарадыё: То бок, ніякай сваркі паміж вамі і арганізатарамі на самай справе не было?
Сяргей "Sanki": Не, ніякага канфлікту не было. Я не ведаю, з якімі інтрыгамі быў звязаны такі паварот падзей. Можа быць, у ТТ-34 былі ўплывовыя заступнікі. У нас такіх не было тады.
Еўрарадыё: А цяпер ёсць?
Сяргей "Sanki": І цяпер у нас няма нікога, акрамя нашых прыхільнікаў. Гэта наша адзіная падтрымка.
Еўрарадыё: Дарэчы, як адрэагавалі фанаты на ваш камбэк?
Быў час, калі на канцэртах "Кукал" выступалі і перкусійная музыкі, мы ладзілі міксы і перформансы. Часам атрымліваліся грандыёзныя шоў па тых часах! Галоўнае, каб цяпер музыка зноў прыносіла свой плён. Тады ўсё зноў закруціцца!
Фота: Еўрарадыё і з архіва гурта.