Сястра закатаванай у Нідэрландах: Думаю, гадоў праз пяць забойцу выпусцяць

Гібель напаткала Кацярыну Ханяк у горадзе Барле-Насау ў красавіку 2007 года. Яе раўнівы муж, Роберт Брокель, спачатку параніў ахвяру ў сцягно, а потым склаў яе ў скрыню дзіцячай шафы і заліў будаўнічай сумессю. Толькі сёлета ў жніўні забойцу асудзілі на 11 гадоў. З моманту здарэння прайшло паўтара прэзідэнцкія тэрміны (амаль 7,5 гадоў).

Беларускіх сясцёр Кацярыны (адзіных паўналетніх пацярпелых па крымінальнай справе) не запрасілі на абвяшчэнне прысуду.

“Ніхто са мной нават не звязваўся. Выпадкова зайшла ў інтэрнэт і прачытала артыкул пра яго асуджэнне, — распавядае Еўрарадыё Надзея, родная сястра загінулай. — Дзякуй Богу, што яго пасадзілі менавіта за забойства. Думала, яго пазбавяць волі за наркотыкі ці дзіцячую парнаграфію. Мне здаецца, што 11 гадоў — гэта вельмі мала. Мяркую, гадоў праз пяць ён выйдзе на волю. Было падазрона, што следства так доўга цягнулася і ўсё ніяк не маглі знайсці доказаў, хоць яны былі навідавоку. Усё перакручвалася, адкладалася…”

Роберт Брокель (злева) і адзін з яго адвакатаў

Нагадаем, што пасля здзейсненага забойства Роберт Брокель уцёк у ЗША, дзе яго і затрымалі. Добра ўпакаваны ў фінансавым плане галандзец наняў найлепшых адвакатаў, і неўзабаве яго выпусцілі. Цягам гадоў яго затрымлівалі яшчэ некалькі разоў. У 2010-м на Брокеля распачалі яшчэ адну справу, звязаную з перавозкай какаіну. Таксама яго абвінавачвалі ў распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі. Тым не менш усе гэтыя гады Брокель па вялікім рахунку быў адносна свабодным чалавекам. Дзве беларускія сястры Кацярыны Ханяк (яе бацькі ўжо не жывыя) на справу паўплываць не маглі. Пахавалі ж забітую беларуску без дазволу яе сясцёр у сацыяльнай магіле, на якой нават не падпісалі гады жыцця і смерці.

“А  як жывецца вашай пляменніцы Ніколь? З кім яна цяпер?” — цікавімся ў сястры Надзеі. 

“У мяне ўвогуле няма ніякай інфармацыі. Нас проста паслалі, маўляў, не вашая справа. Пляменніцы на дадзены момант 11 гадоў, і мы пра яе нічога не ведаем. Мне здаецца, яны за мяжой ставяцца да нас без належнай павагі, не лічаць патрэбным нават праінфармаваць”.

Так выглядала Ніколь, калі ёй было чатыры гады

З магчымым суб’ектыўным стаўленнем да беларусаў у Нідэрландах сутыкнулася і Еўрарадыё. Летась у верасні мы даслалі афіцыйны запыт у сектар дапамогі пацярпелым ад злачынстваў пракуратуры Брэды. У лісце мы пацікавіліся, чаму беларускіх сясцёр забітай перасталі інфармаваць і чаму Кацярыну Ханяк без дазволу сваякоў пахавалі ў Нідэрландах. Замежныя праваахоўнікі адказу так і не падрыхтавалі.

Фота з архіву сям’і Брокеляў і nieuwsblad.be

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі