Сын Бабарыкі — падазраваны па новай крымінальнай справе
Эдуард Бабарыка, сын Віктара Бабарыкі, стаў падазраваным па новай крымінальнай справе. У выпадку, калі абвінавачванне выставяць, яму можа пагражаць да 20 гадоў зняволення, большы тэрмін, чым той, на які асуджаны бацька (14 гадоў зняволення). Новыя артыкулы — "арганізацыя масавых беспарадкаў" і "распальванне расавай, нацыянальна, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы", паведамляе viktarbabarykaofficial.
17 снежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрымання Эдуарда Бабарыкі. Была малая надзея, што яго могуць вызваліць — дзеючы ў Беларусі крымінальна-працэсуальны кодэкс не дазваляе ўтрымліваць асобу пад вартай падчас папярэдняга следства даўжэй за згаданы тэрмін. Аднак Бабарыку пакінулі за кратамі.
Раней Эдуарду Бабарыку было выстаўлена абвінавачанне ва "ухіленні ад выплаты сум падаткаў і збораў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры". Ён, як і бацька, прызнаны палітвязнем.
Да выбараў 2020 года Эдуард Бабарыка займаўся развіццём краўдфандынгавых платформ Ulej.by і Molamola. Ён быў начальнікам штаба Віктара Бабарыкі, які вясной мінулага года заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і неўзабаве быў арыштаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.