Эдуарда Бабарыку мусілі выпусціць пасля 18 месяцаў у СІЗА – але не выпусцілі
Эдуард Бабарыка / Facebook
17 снежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрымання Эдуарда Бабарыкі. Сын і начальнік штаба ўдзельніка прэзідэнцкай гонкі-2020 Віктара Бабарыкі ў няволі з 18 чэрвеня мінулага года.
Дзеючы ў Беларусі крымінальна-працэсуальны кодэкс не дазваляе ўтрымліваць асобу пад вартай падчас папярэдняга следства даўжэй за 18 месяцаў. Пасля заканчэння гэтага тэрміну абвінавачаны мусіць быць неадкладна вызвалены. Але Эдуард на волю не выйшаў.
Ёсць, што праўда, адзін нюанс. Утрыманне пад вартай на этапе следства можа быць працягнутае больш як на 18 месяцаў, калі папярэдняе расследаванне завершанае, а матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя абвінавачанаму і яго адвакатам на азнаямленне. Але дакладнай інфармацыі пар тое, ці так гэта ў выпадку з Эдуардам Бабарыкам, няма. Яго адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні і не каментуюць сітуацыю.
31-гадовы Эдуард Бабарыка цяпер — палітвязень, які даўжэй за ўсіх чакае суда. Да выбараў-2020 ён займаўся развіццём краўдфандынгавых платформ Ulej.by і Molamola. У цяперашні час абедзве яны зачыненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.