Сёння абвесцяць прысуд былому гендырэктару “Цмокі-Мінск” Канстанціну Шараверы

Сёння абвесцяць прысуд былому гендырэктару “Цмокі-Мінск” Канстанціну Шараверы

31 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска абвесцяць прысуд былому генеральнаму дырэктару баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск” Канстанціну Шараверы. Паводле дзяржаўнага абвінавачання, былы кіраўнік клуба стварыў механізм, пры якім частка сродкаў, налічаных на заробак гульцам і трэнерам, трапляла яму ў кішэню. Шаравера забіраў у супрацоўнікаў банкаўскія карткі разам з пін-кодам. У банкамаце ён здымаў грошы і перадаваў падначаленаму толькі частку суму, пра якую яны дамаўляліся ў вуснай форме.

Апроч таго, гульцы і трэнеры падпісвалі канфідэнцыйнае пагадненне да дамовы, аднак сума кантракту дапісвалася пазней, калі подпіс супрацоўніка ўжо стаяў у дакуменце. Частку заробку перадавалі з рук і рукі ў бухгалтэрыі. Такая схема выкарыстоўвалася як з беларускімі гульцамі, так і з легіянерамі.

За чатыры гады следства выявіла болей за 60 эпізодаў у справе абвінавачанага. Заснавальнікам клуба з’яўляецца Мінгарвыканкам, фінансаванне ішло з бюджэту. Асобны эпізод — арганізацыя банкета з нагоды юбілею Шараверы, хоць па дакументах гэта быў навучальны семінар.

Шаравера не прызнае сваёй віны і сцвярджае, што атрыманыя грошы выкарыстоўваў на развіццё клуба.

Абвяшчэнне прысуду адбудзецца ў 16.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі