Сёння над Беларуссю ўзыдзе рэдкая "чырвоная суперпоўня" (жывая трансляцыя)
Увечары 31 студзеня супадуць адразу чатыры цікавыя астранамічныя падзеі: поўня, суперлунне, месяцовае зацьменне і "блакітны Месяц". Нккаторыя з гэтых з'яваў можна будзе назіраць у Беларусі з 17.51 да 18.11 — пры ўмове добрага надвор'я, піша tut.by.
Поўнае месяцовае зацьменне (так званы "крывавы Месяц") у Беларусі будзе нябачны: ён адбудзецца да таго, як Месяц узыдзе ў нас. Гэтую з'яву можна будзе назіраць у краінах Азіі, некаторых рэгіёнах ЗША і Канады.
Над Мінскам Месяц узыдзе ў 17.51. Ужо ў 17.56 наступіць максімум прыватнага ценевага зацьмення. У гэты момант можна будзе назіраць пачырваненне або пацямненне верхняга краю месяцовага дыска.
Паколькі Месяц у гэты час будзе знаходзіцца на краі гарызонту, эксперты раяць для яго назірання знайсці высокую кропку або адкрытую мясцовасць са свабодным аглядам паўночна-ўсходняй часткі неба.
У 18.11 ценевае зацьменне завершыцца. Але яшчэ гадзіну пасля гэтага можна будзе бачыць паўценевае зацьменне: у гэты час Месяц не памяняе колер, а толькі стане крыху цямнейшым.
На 31 студзеня прыпадае суперлунне: пры гэтым Месяц выглядае асабліва вялікім і яркім. Чакаецца, што бачны дыяметр Месяца сёння павялічыцца прыкладна на 8% у параўнанні са звычайным памерам.
У дадатак да зацьмення і суперлуння поўня 31 студзеня выйдзе другі раз за адзін каляндарны месяц. Такую падзею аматары астраноміі называюць "блакітны Месяцам".
NASA вядзе жывую трансляцыю падзеі.