Сёння рух у цэнтры Мінска пачнуць перакрываць з 15-й гадзіны
У сераду, 3 ліпеня, рух у цэнтры Мінска пачнуць перакрываць з 15-й гадзіны. Увечары на праспекце Пераможцаў пройдзе парад (ён пачнецца а 21-й гадзіне), прысвечаны Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў ім з Уручча будзе рухацца вялізная калона ваеннай тэхнікі. Па яе маршруце паэтапна абмяжуюць рух, інфармуе прэс-служба ДАІ.
У 15:00 калона пачне рух па вуліцах Заснавальнікаў і Старынаўскай. А 16-й гадзіне яна выедзе на праспект Незалежнасці, а з яго — на праспект Машэрава. Калона будзе шыхтавацца па праспекце Машэрава ад Свіслачы да вуліцы Куйбышава.
Будуць перакрывацца праспект Незалежнасці ад вуліцы Старынаўская да вуліцы Казлова, праспект Машэрава ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Ціміразева, вуліца Ціміразева ад скрыжавання з праспектам Машэрава да вуліцы Арлоўскай, далей — вуліцы Арлоўская і Сурганава да скрыжавання з праспектам Незалежнасці.
ДАІ раіць мінчукам і гасцям горада карыстацца грамадскім транспартам. У сераду забаронена паркоўка аўтатранспарту на шэрагу вуліц у сталіцы. Падрабязна пра гэта чытай тут.