Сёння Вікторыя Азаранка вяртаецца ў вялікі тэніс
27-гадовая Вікторыя Азаранка вяртаецца ў вялікі тэніс. У аўторак, 20 чэрвеня, беларуская тэнісістка, былая першая ракетка свету стартуе на турніры “Mallorca Open" у Іспаніі. Яна сустрэнецца з Рысай Адзакі з Японіі, 74-й ракеткай свету. Гэты паядынак у жывым эфіры пакажа тэлеканал “Беларусь 5”. БЕЛТА адзначае, што ён пачнецца не раней за 20-ю гадзіну.
Азаранка каля года не выступала. У снежні 2016-га яна нарадзіла сына. Спачатку Вікторыя планавала вярнуцца на корт у пачатку 2018 года, пасля — у канцы ліпеня 2017-га. Аднак вырашыла прыспешыць сваё вяртанне. Прызавы фонд турніру ў Мальёрцы складае 250 тысяч долараў.
“Я шмат трэніравалася і спадзяюся, што стану канкурэнтаздольнай пасля доўгай адсутнасці, — кажа Вікторыя Азаранка. — Ведаю, што давядзецца нялёгка, але буду старацца”.