Такога не было нават у 90-я — невядомыя напалі на будынак касцёла ў Мінску
Невядомыя перавярнулі вазы з кветкамі, зламалі дамафон / @tutby_official
У ноч на сераду 19 траўня невядомыя напалі на прыход Мінскага касцёла Панны Марыі, паведамляе TUT.BY са спасылкай на прэс-службу каталіцкай царквы Беларусі.
Там распавялі, што каля чатырох гадзін раніцы некалькі чалавек залезлі на тэрыторыю за кафедральным касцёлам.
"Павыварочвалі кветкі, зламалі дамафон на дзверы парафіяльнага дома, пашкодзілі ліхтар на газоне і разбілі лабавое шкло ў машыне настаяцеля", — распавёў журналістам прэс-сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько.
Сляды нападу выявілі раніцай, выклікалі міліцыю. Непадалёку ад касцёла размешчаны будынак ГУБАЗіК МУС, на ім ёсць камеры. У касцёле кажуць, што відэа з іх ужо запрасілі.
Па словах Юрыя Санько, падобных выпадкаў не было нават у 1990-я.
"Мы ведаем, што кафедральны сабор быў домам спорту, тады былі супрацьстаянні паміж спартоўцамі, якія не хацелі сыходзіць, і прыхаджанамі, але каб псаванне маёмасці і ў такіх памерах...", — адзначыў ён.
Прадстаўнік каталіцкай царквы выказаў надзею, што ў сітуацыі разбяруцца і нападнікі будуць знойдзеныя.
За некалькі гадзін да нападу — увечары 18 траўня — Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца "за ўсіх журналістаў, асабліва за каманду TUT.BY у гадзіну выпрабаванняў". У аўторак у офіс і дадому да шэрагу супрацоўнікаў партала прыйшлі сілавікі, была ўзбуджаная крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў, сайт заблакаваны, а кіраўніцтва і частка работнікаў затрыманыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.