Талібы прыбылі на перамовы з еўрапейскімі чыноўнікамі

Кіраўніцтва талібаў / Anadolu Agency
Кіраўніцтва талібаў / Anadolu Agency

Дэлегацыя радыкальнага ісламісцкага руху "Талібан" упершыню правядзе афіцыйныя перамовы з еўрапейскімі палітыкамі, піша Deutsche Welle. 22 студзеня яна прыбыла ў Осла на рэйсе, арганізаваным урадам Нарвегіі. Дэлегацыю з 15 мужчын узначальвае міністр замежных спраў талібскага ўрада Амір Хан Мутакі. Талібы прабудуць у нарвежскай сталіцы 3 дні.

Візіт стане першай сустрэчай талібаў з заходнімі дыпламатамі ў Еўропе пасля захопу ўлады ў Афганістане ў жніўні 2021 года. Тэмай перамоваў будуць правы чалавека і гуманітарная дапамога афганскаму народу. Дэлегаты сустрэнуцца з прадстаўнікамі Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Еўрапейскага Саюза і ЗША.

Таксама запланавана сустрэча з афганцамі — прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку жанчынамі-лідарамі і журналістамі.

Пры гэтым міністр замежных спраў Нарвегіі Анікен Хюітфельт падкрэслівае, што перамовы "не будуць уяўляць сабой легітымізацыю або прызнанне талібаў": пакуль новая дзяржава талібаў — Ісламскі Эмірат Афганістан — не прызнана ніводнай краінай свету.

У Дзярждэпартаменце ЗША заяўляюць, што ў парадку дня перамоваў будзе "фарміраванне прадстаўнічай палітычнай сістэмы, рэакцыя на неадкладныя гуманітарныя і эканамічныя крызісы, праблемы бяспекі і барацьбы з тэрарызмам, а таксама правы чалавека, асабліва адукацыя для дзяўчат і жанчын".

У сваю чаргу талібы сцвярджаюць, што новыя ўлады Афганістана прынялі меры "для задавальнення патрабаванняў заходняга свету" і спадзяюцца ўмацаваць адносіны з еўрапейскімі краінамі "з дапамогай дыпламатыі".

У той жа час афганская апазіцыя (Нацыянальны фронт супраціву) крытыкуюць Нарвегію за правядзенне перамоваў з талібамі. Ад сустрэчы з імі таксама адмовілася былая міністарка горназдабываючай прамысловасці Афганістана Наргіс Нехан, якая цяпер жыве Нарвегіі. Яна выказала занепакоенасць, што цяперашнія перамовы "прывядуць да нармалізацыі талібаў і замацуюць іх уладу, хаця яны самі ніяк не мяняюцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі