У Расіі беларуса асудзілі за спробу незаконнага вывазу афганскай журналісткі

У судзе ў Санкт-Пецярбургу

У судзе ў Санкт-Пецярбургу / fontanka.ru

У Расіі беларуса асудзілі за спробу незаконнага вывазу афганскай журналісткі. Гучную справу разглядаў Кіраўскі раённы суд Санкт-Пецярбурга. Прысуд быў агучаны 13 лютага. Грамадзянін Беларусі Аляксандр Мацулевіч атрымаў чатыры гады калоніі строгага рэжыму за дачу хабару афіцэру-памежніку ФСБ у асабліва буйным памеры (абвінавачванне запытвала дзесяць гадоў). Як піша fontanka.ru, ён цалкам прызнаў сваю віну.

Вясной 2022-га Мацулевіч разам з іншым перавозчыкам, Джэлані Гулама, абяцаў афганскай журналістцы Кобры Хасані, што давязе яе ў Германію і там зробіць ёй дакументы. Хасані і яшчэ 12 афганцаў планавалі перабрацца з Пецярбурга ў ЕС. За выезд яны мусілі заплаціць па 3000 долараў. Але ў выніку ўсіх затрымалі супрацоўнікі ФСБ.

Кобра Хасані ў Афганістане супрацоўнічала з турэцкім інфармагенцтвам Anadolu, з амерыканскім радыё National Public Radio News, працавала на канале Afganistan Youth TV. Яна вымушана пакінула радзіму ў жніўні 2021-га, калі ўладу ў Афганістане захапілі талібы. З Афганістана трапіла ва Украіну. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яе падманам вывезлі ў Расію. Цяпер жа Хасані пагражае дэпартацыя з РФ.

У беларуса, як аднаго з арганізатараў, самае строгае пакаранне. Іншыя, у тым ліку і журналістка, былі асуджаны на два гады калоніі-пасялення і, паколькі яны ўжо адбылі пакаранне ў СІЗА, іх адпусцілі ў зале суда.

У Расіі беларуса асудзілі за спробу незаконнага вывазу афганскай журналісткі
fontanka.ru

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі