Тарыфы на прапампоўку газу ў ЕАЭС будуць вызначацца на ўзроўні прэзідэнтаў
Тарыфы на транспартаванне газу ў краінах ЕАЭС будуць вызначацца на ўзроўні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 23 красавіка.
Пасяджэнне адбывалася ў фармаце відэаканферэнцыі. На ім разглядаліся няўзгодненыя пытанні праекта стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.
"Па трох пытаннях міужурадавы савет прыняў фармулёўкі, выпрацаваныя членамі Савета ЕЭК 20 і 22 красавіка. Пакінутае пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС будзе вырашацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў саюза", — цытуе БЕЛТА паведамленне прэс-службы Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Старшыня калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч удакладніў, па якіх трох пытаннях удалося дасягнуць кансенсусу: "Першае — гэта лібералізацыя міжнародных аўтамабільных перавозак. Другое — выпрацоўка гнуткіх механізмаў мэтавага садзейнічання эканамічнаму развіццю. Трэцяя група пытанняў — пра супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя".
Мяркуецца, што пытанне тарыфаў на прапампоўку газу будуць разглядаць 19 траўня кіраўнікіа дзяржаў ЕАЭС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.