"Таўкачыкі на Юр'я": Зямля адамкнутая. Усё ў парадку (слайд-шоў)

Святкуюць Юр'ю, свята адмыкання зямлі, сёлета адразу двума фолк-канцэртамі. У гэты дзень "Троіца" адзначае свой 15-гадовы юбілей і збірае поўную залу філармоніі. Іншы волат беларускага фолк-мадэрну, Юры Выдронак, традыцыйна кліча ўсіх на "Таўкачыкі на Юр'я", але гэтым разам у клубныя сцены "Рэпабліка".

"Альтанка"


На сцэну "Таўкачыкаў" па чарзе выходзяць прадстаўнікі розных этна-плыняў, пачынаючы з традыцыйнага фальклору "Талакі" і "Грамніц" з Універсітэта культуры і заканчваючы паган-металам By Cry і рок-альтэрнатывай ад "Юр'і". Жанравая разнастайнасць удзельнікаў радуе: этна-эмбіент "Дзівасіла" змяняе арт-фолк "Альтанкі" і "Хоха Бэнда", сярэднявечныя мелодыі гурта "Літы Талер" саступаюць месца традыцыйнай дудзе і спевам "Ветаха" і Наталлі Матыліцкай. Натуральна, не абыходзіцца без сапраўдных носьбітаў беларускага фальклору, бабуль з песнямі, юраўскім караваем і карагодамі. "Любанскія бабулькі" выконваюць колькі юраўскіх песень, пасля чаго на біс, спрачаючыся, заводзяць некалькі любоўна-лірычных.

Юраўскі каравай


Гурт "Юр'я", які можна пачуць максімум два разы за год на тых жа "Таўкачыках", дэманструе новае гучанне з багатымі клавішнымі і прадстаўляе новую юраўскую кампазіцыю. Сам кіраўнік гурта Юрый Выдронак, адгадаваўшы сівыя вусы, распавядае пра тое, што раніцай хадзіў па юраўскай расе, і прагназуе, што год будзе добрым.


Усе ўдзельнікі атрымоўваюць у падарунак ад арганізатараў маленькую ступу з таўкачом — талісман фэста. Малалюднасць у зале зусім не замінае душэўнасці і сапраўднай атмасферы свята. Спяваем традыцыйныя "Таўкачыкі-чыкі-чыкі". Зямля адамкнутая. Усё ў парадку.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі