Тэлеканал Euronews пракаментаваў закрыццё вяшчання ў Беларусі

Тэлеканал Euronews пракаментаваў закрыццё вяшчання ў Беларусі

Увечары 12 красавіка тэлеканал Euronews выступіў з афіцыйнай заявай з нагоды таго, што яго вяшчанне было спыненае ў Беларусі.

"Мы глыбока шкадуем аб прынятым уладамі Беларусі рашэнні прыпыніць з 12 красавіка 2021 года вяшчанне тэлеканала Euronews на тэрыторыі гэтай краіны. Нас не апавясцілі ні пра гэтае рашэнне, ні пра яго прычыны — пра яго мы, як і нашыя гледачы, даведаліся ў панядзелак раніцай са СМІ", — гаворыцца ў заяве Euronews.

Тэлеканал падкрэслівае, што з'яўляецца незалежным сродкам масавай інфармацыі, які дае навіны, заснаваныя толькі на фактах і бесстароннасці. "На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў наша місія палягае ў тым, каб даць людзям магчымасць фармаваць Уласнае меркаванне, прапаноўваючы розныя пункты погляду", — падкрэсліваюць супрацоўнікі канала.

Euronews абяцае зрабіць усё магчымае, каб беларуская аўдыторыя хутка зноў атрымала доступ да тэлеверсіі канала. А пакуль прапаноўвае сачыць за навінамі Euronews на лічбавых платформах.

Пра закрыццё тэлеканала Euronews у Беларусі стала вядома зранку 12 красавіка. Міністэрства інфармацыі заявіла, што ў тэлеканала скончыўся тэрмін ліцэнзіі на вяшчанне. А МАРГ паведаміла, што тэлеканал парушыў закон аб рэкламе: яна ішла па-англійску, а не па-руску ці па-беларуску.

Замест Euronews у Беларусі будзе вяшчаць расійскі тэлеканал "Перамога", прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі