"Толькі беларускае" ці пальчаткі з Малайзіі? Што паляцела з Мінска ў Пекін
На скрынцы напісана Malaysia і ўказаны вытворца / фота Юліі Барадун
30 студзеня самалёт з 20 тонамі беларускай гуманітарнай дапамогі прызямліўся ў аэрапорце Пекіна. Калі верыць Міністэрству аховы здароўя і дзяржаўным СМІ, усе перададзеныя медыкаменты для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй вырабленыя ў Беларусі.
Аднак напярэдадні карыстальнікі "Фэйсбука" звярнулі ўвагу на фота скрынак з лекамі, якое апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. На адной са скрынак з пальчаткамі, ужо загружанай у самалёт, можна прачытаць надпіс TG Medical SDN BND, Selangor D.E., Malaysia.
Усе медыкаменты вырабленыя ў Беларусі і пры гэтым скрынка з Малайзіі?
Не ведае пра тое, ці былі ў скрынках малайзійскія пальчаткі, і прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя. Па яе словах, грузы ў аэрапорт прывозілі розныя кампаніі. Усім ім Юлія Барадун адправіла фота, каб высветліць, хто адказваў за гэты груз.
"Усё грузілася вельмі хутка, — кажа Юлія Барадун. — У аэрапорт прыехала больш, чым трэба, машын. Толькі цяпер падлічваецца, што туды [у 20-тонны груз. — Еўрарадыё] увайшло, а што будзе адпраўлена потым".
А міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік, здаецца, ужо адказаў каментатарам з "Фэйсбука": "Некаторыя гарачыя галовы заяўляюць, што мы займаемся рээкспартам кітайскіх тавараў. Гэта не так".
А што наконт малайзійскіх пальчатак, Уладзімір Сцяпанавіч?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.