Трамп патрабуе пакараць смерцю нью-ёркскага тэрарыста Сайфула Саіпава
Сайфула Саіпаў. Фота: CBS
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў пакараць смерцю Сайфулу Саіпава — 29-гадовага выхадца з Узбекістана, які падазраецца ў здзяйсненні тэракта ў Нью-Ёрку. Пра гэта Трамп, як ён гэта звычайна робіць, напісаў у сваім акаўнце ў "Твітары":
NYC terrorist was happy as he asked to hang ISIS flag in his hospital room. He killed 8 people, badly injured 12. SHOULD GET DEATH PENALTY!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) November 2, 2017
"Тэрарыст з Нью-Ёрка быў такі шчаслівы, калі папрасіў павесіць сцяг Ісламскай дзяржавы ў сваёй бальнічнай палаце... Ён забіў 8 чалавек, 12 атрымалі цяжкія раненні. ЯГО ТРЭБА ПАКАРАЦЬ СМЕРЦЮ!" — напісаў Дональд Трамп.
Пра Саіпава вядома, што ён прыехаў у ЗША з Узбекістана ў 2010 годзе, выйграўшы візу ў латарэю Green Card. У Нью-Ёрку ён працаваў кіроўцам Uber.
31 кастрычніка ў Ніжнім Манхэтэне пікап, якім кіраваў Сайфула Саіпаў, выехаў на веладарожку і збіў каля 20 чалавек. Загінулі 8 чалавек (6 памерлі на месцы, двое — у лякарні), 12 атрымалі сур'ёзныя траўмы. Сярод загінулых ёсць не толькі амерыканцы, але і грамадзянін Бельгіі, і аргентынец.
Пікап спыніўся толькі пасля таго, як сутыкнуўся са школьным аўтобусам. Пасля гэтага тэрарыст выскачыў з машыны з двума пісталетамі ў руках (адзін быў пнеўматычны, другі — для гульні ў пейнтбол) і закрычаў "Алах акбар!". Завязалася перастрэлка, у якой паліцыянты паранілі і захапілі Саіпава.
План нападу тэрарыст распрацоўваў на працягу некалькіх тыдняў, гэта вынікае з "інструкцыі па правядзенні тэрактаў", знойдзенай на месцы атакі. Арганізацыя "Ісламская дзяржава", ад імя якой дзейнічаў Сайфула Саіпаў, распаўсюджвае гэты дакумент праз інтэрнэт.