Трэнер ФК "Нёман" праз БТ заступіўся за рэпрэсаваных футбалістаў
Ігар Кавалевіч / "Беларусь 5"
Галоўны трэнер футбольнага клуба "Нёман" Ігар Кавалевіч на тэлеканале "Беларусь 5" заступіўся за футбалістаў, якія трапілі ў "чорны спіс" уладаў.
У інтэрв'ю праграме "Вынікі тыдня" ён загаварыў пра адсутнасць у складзе каманды Валерыя Жукоўскага, Яўгена Ляшко, Сяргея Курганскага і Рамана Пасевіча.
"Магу праз вашу перадачу папрасіць Міністэрства спорту або пракуратуру. Трэба амніставаць людзей. Яны не зрабілі злачынстваў перад беларускім народам. У нас ёсць праблемы. Хлопцы трэніруюцца, апантаныя, яны нікуды не з'ехалі, хоць былі прапановы", — цытуе football.by словы Кавалевіча.
Пра існаванне негалоснага "чорнага спісу" спартоўцаў у СМІ пісалі неаднаразова. У яго ўвайшлі, напрыклад, футбалісты, якія ў 2020-м асудзілі гвалт з боку сілавікоў. Спачатку ў спісе было некалькі дзясяткаў чалавек. Цяпер мінімум дзесяць гульцоў клубаў вышэйшай лігі застаюцца без працы і чакаюць рашэння камісіі, якая павінна вызначыць іх лёс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.