Трох хакеістаў КХЛ злавілі на допінгу
Тры хакеісты, якія выступалі ў клубах Кантынентальнай хакейнай лігі ў сезоне 2016/17, абвінавачаныя ва ўжыванні допінгу. Афіцыйнае паведамленне з гэтай нагоды апублікаваў сайт КХЛ:
"IIHF [Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай. — Еўрарадыё] паведаміла Лізе, адпаведным клубам і гульцам пра тры станоўчыя тэсты. А менавіта:
1. Дэрэк Сміт, "Медвешчак" (Заграб) — выяўленне ў пробе прэпарата, які адносіцца да класа S6.а — стымулятары;
2. Андрэй Конеў, "Адмірал" (Уладзівасток) — выяўленне ў пробе прэпарата, які адносіцца да класа S6.b — стымулятары;
3. Даніс Зарыпаў, "Металург" (Магнітагорск) выяўленне ў пробе прэпаратаў, якія адносяцца да класа S6.b — стымулятары — і S5 — дыўрэтыкі і маскіруючыя агенты".
Конеў дыскваліфікаваны да 19 лістапада 2017 года, Сміт — да 2 верасня 2018 года, Зарыпаў — да 22 траўня 2019 года.
Допінг-кантроль у чэмпіянаце КХЛ сезона 2016/2017 праводзіўся сумесна з Міжнароднай федэрацыяй хакея і WADA [Сусветнае антыдопінгавае агенцтва. — Еўрарадыё], з прыцягненнем антыдопінгавага падраздзялення канвента SportAccord — DFSU (Doping Free Sport Unit), некалькіх міжнародных агенцтваў па зборы допінг-пробаў і антыдопінгавых лабараторый, акрэдытаваных WADA. Усяго за сезон хакеісты КХЛ здалі 377 пробаў.