Трох рабочых БМЗ будуць судзіць за тое, што спынілі працу цэхаў
Пракуратура Гомельскай вобласці перадала ў суд Жлобінскага раёна крымінальную справу на трох работнікаў ААТ "БМЗ – кіруючая кампанія холдынгу БМЗ".
Рабочых Беларускага металургічнага завода вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, а таксама актыўным удзеле ў такіх дзеяннях.
Гаворка ідзе пра падзеі 17 жніўня. Тады вялікая група жлобінцаў прайшла на тэрыторыю завода і перакрыла шляхі тэхналагічнаму транспарту, які дастаўляў сыравіну ў цэхі. "Гэта пацягнула вымушанае прыпыненне працы дугавых электрасталеплавільных печаў. На патрабаванні пакінуць тэрыторыю і не перашкаджаць перамяшчэнню тэхнікі яны адказалі адмовай", — адзначаюць у пракуратуры.
Шкода ад гэтых дзеянняў ацэненая ў больш як 1000 рублёў — столькі спатрэбілася дадаткова заплаціць за электрычнасць, каб аднавіць працоўную тэмпературу ў печах.
Адзін з абвінавачаных падчас следства быў узяты пад варту, два іншыя адпушчаныя пад асабістае паручальніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.