"Трошкі прыбарзелі і прыбурэлі" — Лукашэнка ацаніў вынікі РБ на Гульнях у Пекіне

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускія спартсмены і трэнеры "трошкі, прабачце, прыбарзелі і прыбурэлі". Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў чыноўнікам, якіх сабраў, каб абмеркаваць вынікі выступлення беларускай зборнай на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Нагадаем, на гэтых гульнях беларусы паказалі сціплы вынік, прывезлі толькі два сярэбраныя медалі.

"Чаго ў нас не хапае для трэніровак і падрыхтоўкі, каб заваёўваць медалі?" — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў сустрэчы. Ён лічыць, што ёсць усё, акрамя "адказнасці за тыя грошы, якія ўкладае дзяржава".

У Расіі і Нарвегіі пасля такіх выступленняў, мяркуе ён, трэнераў бы "выкінулі", а "дні спартсмена былі б злічаныя".

"Я ў цябе ўклаў, я табе дапамог як дзяржава — дайце аддачу. Не даяце — сыходзьце", — заявіў Лукашэнка.

Сярэбраныя медалі з Пекіна прывезлі Антон Смольскі (біятлон) і Ганна Гуськова (фрыстайл). Яшчэ адна перспектыўная фрыстайлістка — шматразовая прызёрка этапаў кубка свету Аляксандра Раманоўская на Гульні не трапіла. Раманоўская падтрымала пратэсты. Яе звольнілі з каманды восенню 2020, афіцыйна — за прагулы, за тое, што яна вазіла на лячэнне хворага бацьку. Тады ж адхілілі ад працы легендарнага трэнера фрыстайлістаў Мікалая Казеку. Ён выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў.

Два сярэбраныя медалі — ледзь не найгоршы вынік, які Беларусь паказвала на зімовай Алімпіядзе. Менш было толькі ў Турыне ў 2006 годзе, у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м і ў Нагана ў 1998-м.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі