Тры мінчукі ўклалі 150 тысяч долараў у арганізацыю дамоўных гульняў у Расіі
Тры мінчукі пагарэлі на арганізацыі дамоўных матчаў у Расіі / pixabay.com
Аператыўнікі затрымалі трох мінчукоў за арганізацыю дамоўных матчаў. Сюжэт пра гэта выйшаў у праграме "Зона Х" на тэлеканале "Беларусь 1", піша @bysportby.
Яшчэ ў 2020 годзе магілёвец прапанаваў знаёмаму мінчуку ўкласці грошы ў арганізацыю дамоўных гульняў у Расіі ды атрымліваць прыбытак ад ставак. Мужчыну спадабалася задума, і ён далучыў да справы яшчэ двух кампаньёнаў. Разам яны ўклалі ў гэты праект 150 тысяч долараў. Пра які від спорту ідзе гаворка, у сюжэце не ўдакладняецца.
Бізнес-ідэя, аднак, аказалася правальнай. Кампаньёны мелі на руках даўгавыя распіскі, але законным спосабам вяртаць свае грошы не сталі. Яны запрасілі магілёўца ў Мінск, забралі ў яго тэлефон і вывезлі ў лес. Ужываючы гвалт і пагражаючы расправай над сваякамі, яны запатрабавалі вярнуць 150 тысяч долараў. Пры гэтым мужчыны прымусілі ахвяру распрануцца і знялі яго на відэа.
Мінскія міліцыянты пачалі на кампаньёнаў крымінальныя справы за выкраданне чалавека і прымус да выканання абавязацельстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.