TUT.by: КДБ затрымаў вядомага прадзюсера Андрэя Каліну
Супрацоўнікі КДБ затрымалі дырэктара музычна-прадзюсарскага цэнтра Андрэя Каліну, піша TUT.by.
Каліна вядомы ў свеце шоу-бізнесу як мастацкі кіраўнік фестывалю "Залаты шлягер" у Магілёве і "Джазавых вечароў каля Ратушы" ў Мінску. Ён быў прадзюсарам Іскуі Абалян ды многіх іншых беларускіх выканаўцаў. Цяпер займаецца дуэтам VAL, які сёлета мусіў прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні".
Адвакат Каліны Антон Гашынскі пацвердзіў, што яго падабароннага вінавацяць у дачы хабару. Каліна ўзяты пад варту.
"Падрабязнасцяў паведаміць не магу, бо даваў падпіску пра неразгалошванне. Магу толькі сказаць, што здзіўленне выклікае такое доўгае ўтрыманне падазраванага пад вартай па такім абвінавачванні, сума там нязначная, стан яго здароўя нездавальняючы. Ён прызнаў віну і раскаяўся", — распавёў адвакат. Па яго словах, вядомыя дзеячы культуры падпісалі каля 30 хадайніцтваў з просьбай змяніць Каліну меру стрымання, аднак следства іх ігнаруе.
Прадзюсер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Трапіць да яго адвакат не можа — каранцін у сувязі з пандэміяй каранавіруса.
У сакавіку з'явіліся звесткі, што КДБ выявіў хабарніцтва ў сферы культуры. Тады ў Магілёве затрымалі начальніцу ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірыну Жабараву, потым сілавікі зацікавіліся дырэктарам "Мінскканцэрта" Андрэем Мікуцэвічам. Пазней стала вядома пра затрыманне кіраўніка Магілёўскай філармоніі Дзяніса Шаблінскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.