TUT.by: Усебеларускі сход будзе зацвярджаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў
У распараджэнне TUT.by трапіў дакумент з прапановамі па палітычных зменах у Канстытуцыі. Паведамляецца, быццам у яго распрацоўцы прымаў удзел Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСІ), а самі змены прадставяць у лютым на Усебеларускім народным сходзе.
У праекце прапаноўваецца абмежаваць уладу прэзідэнта, але толькі ў адной сферы — прызначэнне суддзяў. Мяркуецца, што кіраўнік дзяржавы будзе прызначаць толькі чальцоў Вярхоўнага суда. А ніжэйшыя суды будуць камплектавацца Вярхоўным судом ці абласнымі судамі ў адпаведнасці з судовай іерархіяй.
Часовыя дэкрэты прэзідэнта прапануецца замацаваць: яны будуць захоўваць сваю сілу, калі іх не адменіць абсалютная большасць ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.
Кандыдат у прэзідэнты, як і дзяржслужбовец, не будзе мець права на пастаяннае пражыванне ў іншай краіне. Тое ж прапануецца і ў дачыненні да дэпутатаў парламента.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на канстытуцыйным узроўні забароняць адначасова быць чальцамі ўрада.
Таксама прапануецца новы парадак фармавання Канстытуцыйнага суда: 1/3 складу прызначае прэзідэнт, 1/3 — Палата прадстаўнікоў, 1/3 — Савет Рэспублікі. На сёння з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда палову прызначае прэзідэнт, другую палову — Савет Рэспублікі.
Таксама ў Канстытуцыі прапануецца замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу як прадстаўнічага і ўстаноўчага органа ўлады, які мае права прымаць ад яго насельніцтва рашэнні па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага жыцця і дзяржаўнага будаўніцтва.
Таксама Усебеларускаму сходу прапануецца даць права зацвярджаць канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
Пры гэтым уносяцца змены ў фармаванне Цэнтрвыбаркама: 1/3 частка ЦВК прызначае прэзідэнт, 1/3 — Палата прадстаўнікоў, 1/3 — Савет Рэспублікі.
Плануецца таксама змена ў самой выбарчай сістэме — прадугледжваецца магчымасць выбараў па партыйных спісах. "У якасці альтэрнатывы існуючай сёння мажарытарнай выбарчай сістэмы, якая выкарыстоўваецца для правядзення выбараў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога ўзроўню, прапануецца імплементацыя змяшанай (мажарытарна-прапарцыйнай) выбарчай сістэмы", — адзначаецца ў дакуменце.
Таксама аўтары дакумента прапаноўваюць абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне і ўвесці пасаду Упаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі. Мяркуецца, што яго будзе прызначаць Палата прадстаўнікоў па згодзе Савета Рэспублікі тэрмінам на чатыры гады.
У дакуменце сцвярджаецца, што ў краіне трэба стварыць нацыянальную сістэму маніторынгу грамадскай думкі па найбольш актуальных праблемах сацыяльна-палітычнага і эканамічнага жыцця. Пры гэтым гаворыцца, што чыноўнікі павінны "ўвайсці" ў сацсеткі.
Кіраўнік БІСІ Алег Макараў у інтэрв'ю TUT.by заявіў, што ўпершыню бачыць гэты дакумент. Ён сцвярджае, што гэта толькі адно з экспертных меркаванняў, якіх цяпер рыхтуецца шмат. "Думаю таксама, што на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўленыя розныя пункты гледжання рознымі ўдзельнікамі, бо кола пытанняў зразумелае, а меркаванні розныя. Мне здаецца, на Усебеларускім народным сходзе будуць разглядацца толькі падыходы, а не праекты", — кажа кіраўнік БІСІ.
Як казаў раней Аляксандр Лукашэнка, праект зменаў у Канстытуцыю плануецца падрыхтаваць да канца 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.