Творы Алексіевіч могуць з'явіцца ў школьнай праграме па... "рускай літаратуры"
Твораў першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч не праходзяць у беларускіх школах. Яе няма ў спісах нават для дадатковага чытання.
"Яна дакладна была ў школьных праграмах. Памятаю, што давала дадаткова чытаць два творы: "У вайны не жаночае аблічча" і "Цынкавыя хлопчыкі". Але гэта дакладна больш за 5 гадоў таму", — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ядзвіга.
У Інстытуце адукацыі распавядаюць, што плануюць уключыць творы Алексіевіч у школьныя праграмы з наступнага года. Праўда, у курс рускай літаратуры. Цяпер там ёсць раздзел "рускамоўная літаратура Беларусі". Таму ўжо праз год у школьным курсе за 11 клас могуць з’явіцца два творы “Цынкавыя хлопчыкі” і “Чаробыльская малітва”.
“Сапраўды Алексіевіч вывучалі ў школе. І яе збіраюцца вернуць у праграму”, — каротка адказалі Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі.
Ва ўніверсітэтах творчасць Святланы Алексіевіч вывучаюць. У адной з праграм Еўрарадыё знайшло яе творы ў раздзеле сучаснай беларускай літаратуры поруч з Мікалаем Чаргінцом.
"Яе дакладна вывучаюць на рускай, беларускай філалогіі і славянскай — гэта 100%. Гэтыя тэмы павінныя ісці для філолагаў", — тлумачаць на філфаку БДУ. Але ў дзень, калі стала вядома пра першага беларускага "нобеля", з 15 студэнтаў, да якіх звярнулася Еўрарадыё, толькі двое змаглі назваць хаця б адну кнігу Алексіевіч.
На філалагічным у Педагагічным універсітэце творчасць Алексіевіч таксама вывучаюць. "У кантэксце сучаснай літаратуры", — паведамляюць у дэканаце.
Фота: dw.com