Тыгрыцкая: Большасць мужчын не разумее, навошта нам жаночая фракцыя

8 ліпеня адбылася трэцяя жаночая канферэнцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада, падчас якой удзельніцы вырашылі стварыць у межах партыі жаночую фракцыю.

120709 Tygryckaja s.mp3

Еўрарадыё: Якім бачаць жаночае крыло самі прадстаўніцы партыі? Наколькі яно будзе незалежнае?

Вольга Тыгрыцкая: Адным з гэтых пытанняў былі акурат формы дзейнасці. Мы разглядалі тры наступныя формы дзейнасці: жаночая камісія, жаночая фракцыя і жаночае крыло. У сувязі з тым, што жаночая камісія, як форма дзейнасці, не дазваляе уплываць на рашэнні партыі, і ў сувязі з гэтым, статут партыі не прадугледжвае такую форму, як жаночае крыло, мы вырашылі стварыць часовую жаночую фракцыю, для таго, каб падрыхтаваць глебу для стварэння жаночага крыла. На адным са з’ездаў мы ўжо ўносілі прапанову аб змяненні статута – каб партыя дзейнічала на аснове прынцыпу гендэрнай роўнасці са свабодай стварэння жаночага крыла. Але, на жаль, дапаўненне ў статут не прайшло, таму аўтаматычна даступнай для нас засталася толькі такая форма дзейнасці, як жаночая фракцыя, праз якую мы можам уплываць на партыйныя рашэнні. 


Еўрарадыё: То бок, каб жанчына-палітык у вашай партыі магла праявіць сябе, неабходна ўтвараць асобную структуру?


Вольга Тыгрыцкая: Мы павінны разумець, што партыя – гэта элемент палітычнага механізму, але партыя і сама з’яўляецца механізмам. І паспяховасць працы гэтага механізму залежыць ад працы кожнай часткі. Калі жанчыны будуць самаідэнтыфікаваныя ў межах партыі, мець свой лагатып, слоган, праграму, і будуць выступаць ад імя партыі, то партыя, якая апроч гэтага будзе яшчэ і развівацца ў моладзевых і ў іншых накірунках, будзе працаваць добра. 


Еўрарадыё: Ці маеце вы ў планах стварэнне асобнай партыі?


Вольга Тыгрыцкая: Вядома, не. Ніхто не збіраецца выходзіць. Сэнс у тым, што кожная дэмакратычная партыя ў нашай краіне павінна мець такія жаночыя структуры. У нас ёсць аргкамітэт па стварэнні жаночай партыі “Надзея”. Яны дзейнічаюць у сваіх накірунках. Але ёсць іншыя парыі,  і ў іх таксама ёсць жанчыны. Але калі мы чуем пра партыі – мы не чуем пра жаночыя ініцыятывы ці жаночыя арганізацыі ўнутры партый. Калі мы маем на мэце, каб жанчыны ў будучыні дзейнічалі ў сваім накірунку, вельмі важна, каб у кожнай партыі была свая жаночая структура. Тады можна будзе казаць і пра з’яўленне жаночых рухаў. Чаму мы зараз гаворым пра стварэнне жаночай фракцыі? Гэта дае нам легальны статус у партыі. Тыя рашэнні, якія прымаюцца фракцыяй, абавязковыя для ўключэння ў парадак дня, і галасаванне па гэтых рашэннях таксама абавязковае. Такіх магчымасцяў нам, на жаль, не дае, напрыклад, жаночая камісія. Нам важна дзейнічаць у легальнай форме, якую дазваляе статут, каб наш голас быў пачуты ў межах партыі. 

Вольга Тыгрыцкая

Еўрарадыё: Колькі асобаў цяпер налічваецца ў жаночай фракцыі?


Вольга Тыгрыцкая: Цяпер мы можам казаць пра жаночую ініцыятыву, якая будзе афармляцца ў жаночую фракцыю. Жанчын у партыі цяпер 30-35 адсоткаў, па ўсіх рэгіёнах налічваецца каля двухсот жанчын. На жаль, такая прагрэсіўная ідэя. як стварэнне жаночай арганізацыі ў межах БСДП( Грамада), падтрымліваецца не ўсімі. Падчас канферэнцыі мы збіралі подпісы пад лістом, які будзе накіраваны ў прэзідыюм, каб праінфармаваць, што мы будзем ствараць жаночую фракцыю, але не ўсе падтрымалі гэтую ідэю.


Еўрарадыё: А як да гэтага ставяцца мужчыны ў партыі?


Вольга Тыгрыцкая: Большасць не зусім разумее, для чаго мы ўсё гэта будзем ствараць. Частка падтрымлівае нас, яны разумеюць, што перспектывы развіцця жанчын – гэта перспектывы партыі. Напрыклад, намеснік старшыні партыі Ігар Барысаў цалкам падтрымлівае нашы ідэі. І гэта вельмі прыемна, таму што мужчына мужчыну можа часам лепш данесці. Ёсць і частка, якая катэгарычна супраць.


Еўрарадыё: На якія праблемы жанчын у сацыяльна-палітычным жыцці звярталася асноўная ўвага на канферэнцыі?


Вольга Тыгрыцкая: Мы разглядалі агульнадзяржаўную праблему ў межах пытання стварэння нацыянальнай гендэрнай платформы, якое было ініцыяванае спадарыняй Людмілай Песінай. Асноўныя паднятыя пытанні – прыняцце двух законаў, якія змогуць забяспечыць гендэрную роўнасць у краіне. Гендэрная роўнасць – гэта і роўная аплата працы, і магчымасць для жанчын быць у кіруючых органах, і сацыяльнае забеспячэнне. Мы кажам пра прыняцце закону супраць гвалту ў сям’і і закону пра раўнапраўе мужчын і жанчын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі