У 12-14 разоў больш, чым за папярэднія гады: Швед — пра рост спраў аб неанацызме

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед / БЕЛТА​
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед / БЕЛТА​

Пасля выбараў у Беларусі прыкметна павялічылася колькасць адміністрацыйных матэрыялаў, складзеных за неанацысцкія выказванні або дзеянні, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на генеральнага пракурора краіны Андрэя Шведа.

"Калі ў мінулыя гады ў нас былі адзінкавыя выпадкі прыцягнення асоб за неанацызм, яго прапаганду, то ў мінулым годзе 88 адміністрацыйных матэрыялаў было складзена ў сувязі з неанацысцкімі ўчынкамі і дзеяннямі", — сказаў Швед

Гэта ў 12-14 разоў больш, чым за ўсе папярэднія гады, падкрэсліў генпракурор. Ён толкам не патлумачыў, з чым звязаны такі рост, але адзначыў, што "неанацыстаў" часцей за ўсё выяўляюць сярод затрыманых пратэстоўцаў, якіх абвінавачваюць у экстрэмізме.

"З ліку ўжо асуджаных 72 — гэта адкрытыя неанацысты", — сцвярджае Швед.

У якасці прыкладу гераізацыі нацызму ён прывёў дзейнасць польскіх арганізацый у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, якія, па словах генпракурора, праводзілі "мерапрыемствы па рэабілітацыі палякаў, якія ажыццяўлялі зверскія дзеянні на тэрыторыі Беларусі пад сцягамі так званай Арміі Краёвай".

Раней, нагадаем, пракуратура хадайнічала аб ліквідацыі "Польскай школы" ў Брэсце — "у сувязі з грубым парушэннем заканадаўства, якое пацягнула нанясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам". На гэты крок пракуратура пайшла пасля скандалу са святкаваннем "Дня праклятых жаўнераў" у польскіх арганізацыях абласнога цэнтра. МЗС Беларусі тады выслала з краіны польскага консула ў Брэсце, а Польшча абвясціла, што высылае ў адказ беларускага дыпламата.

Потым пачаліся затрыманні прадстаўнікоў "Польскай школы", а затым — і неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі. У дачыненні да часткі затрыманых распачатыя крымінальныя справы.

У пятніцу, 8 красавіка, Швед таксама заявіў, што Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і мае намер звярнуцца ў Нюрнберг па адпаведныя матэрыялы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі