У 2017 годзе беларускія гасцініцы былі запоўненыя на 29%. Інакш кажучы, больш як 2/3 нумарнога фонду 586 гасцініц, якія працавалі ў Беларусі, пуставалі.
Год таму каэфіцыент быў яшчэ горшым: загружанасць гасцініц складала 27%. Тут варта заўважыць, што за 2017-ы ў Беларусі стала на 15 гасцініц, хостэлаў і аналагічных сродкаў размяшчэння больш, а колькасць нумароў павялічылася на 189, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
За мінулы год беларускія гасцініцы прынялі 1 805 600 пастаяльцаў. Выручка, якая паступіла ад размяшчэння, склала 205,1 млн рублёў.
Максімальная запоўненасць беларускіх гатэляў за апошні час назіралася 5 гадоў таму. У 2012 годзе яна складала 43%.
На думку дырэктара дэпартамента даследаванняў і кансалтынгу Colliers International Дзяніса Чацверыкова, кропка бясстратнасці ў кожнага гатэля свая, але "можна арыентавацца на запаўняльнасць ў 30-35%".