Расійскія турысты на Новы год забяспечылі загрузку мінскіх гатэляў на 81%
Гасцініца "Мінск"
Мінскія гатэлі, дзякуючы турыстам з Расіі на навагоднія святы, былі загружаныя на 81%. Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максіма Варапая. Паводле яго слоў, у мінулым годзе расіяне склалі 82% ад агульнай колькасці гасцей беларускай сталіцы. Часцей за ўсё гэта былі людзі ва ўзросце ад 28 да 52 гадоў (71%) з сярэднім узроўнем даходу (67%). У 58% выпадкаў гэта жанчыны.
Варапай таксама распавёў, што ў Мінску "для якаснага абслугоўвання турыстаў" цяпер працуе 55 гасцініц на больш чым 60 тысяч нумароў. Ёсць розныя прапановы – ад бюджэтных да бізнес-класа. І загрузка гасцініц, па словах чыноўніка, у апошнія гады расце – "за студзень-лістапад 2023 года яна склала 52,9%, у тым ліку камунальных гасцініц – 57,3%".
Беларускія чыноўнікі разлічваюць яшчэ на гасцей з Кітая. У прыватнасці, 16 лютага ў Мінск прыбудзе першы рэйс з Кітая з турыстамі. Пры гэтым беларускія чыноўнікі разумеюць, што для прыёму такіх турыстаў "неабходна правесці шмат працы: у прыватнасці, патрэбныя экскурсаводы з добрым веданнем кітайскай мовы, камфортныя ўмовы для пражывання і перамяшчэння". Пра гэта кажа міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.
У Беларусі не хапае экскурсаводаў, раней казалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Але гэта не перашкодзіла ўладам забараніць беларусам, якіх судзілі паводле "пратэстных артыкулаў", працаваць у якасці экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.