У Баранавічах міліцыя сарвала лекцыю анархістаў і затрымала 15 чалавек
27 жніўня каля 14-й гадзіны ў Баранавічах міліцыянты ў шлемах і бронекамізэльках уварваліся на лекцыю расійскага анархіста Аляксея Сутугі — былога палітвязня, паведамляе анархісцкі сайт pramen.io. Яны затрымалі ўсіх прысутных — 15 чалавек. Частка затрыманых была з Бярозы, частка — з Баранавічаў.
Паведамляецца, быццам непаўналетні хлопец пры затрыманні быў збіты: ад яго патрабавалі даць паказанні.
Каля 21-й гадзіны ўсіх затрыманых выпусцілі. Сутугу і двух яго таварышаў-расіян спрабавалі пасадзіць на цягнік да Мінска, але ў выніку таксама адпусцілі. Расіянаў падазраюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў: у іх забралі 10 часопісаў "Автоном". Таксама міліцыянты забралі ў расійскіх анархістаў аўтамабіль, усе тэлефоны, відэакамеру і нават паўэр-банк.
Анархісты сцвярджаюць, што ні на што не былі аформленыя пратаколы канфіскацыі. З гэтай нагоды яны пакінулі заявы ў кнізе скаргаў РАУС.