У Баранавічах забаранілі правядзенне пікета ў падтрымку палітвязняў
Праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша сёння атрымаў адказ з гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Дзмітрыя Касцюкевіча.
Чыноўнік паведамляе, што вуліца Леніна не з’яўляецца месцам правядзення масавых мерапрыемстваў, таму ў правядзенні пікета гарвыканкам адмаўляе. Між тым, як адзначае Сяргей Гоўша, і на згаданай вуліцы, і на аднаіменнай плошчы БРСМ ды іншыя праўладныя арганізацыі ладзяць свае мерапрыемствы і ніхто ім нічога не забараняе.
Нагадаем, пікет планавалася правесці каля фантана ў цэнтры горада 4 жніўня, як патрабаванне вызвалення праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Напярэдадні стала вядома, што ў Гомелі не дазволілі правядзенне шэсця ў падтрымку палітвязняў.