У Баранавіцкім раёне хочуць забіць усіх дзікоў
Галоўны ветэрынарны лекар раёна Мікалай Пакумейка выступае за поўнае вынішчэнне гэтых жывёл на падведамаснай яму тэрыторыі.
Як паведамляе газета “Наш край”, такі крок накіраваны на прафілактыку распаўсюду афрыканскай чумы свіней. На пачатак года на Баранавіччыне налічвалася каля 950 дзікоў, цяпер, пасля адстрэлу, іх ужо 650. Па словах ветэрынара, паляўнічыя мабілізаваны і ім пастаўлена задача масава адстрэльваць дзікіх свіней і надалей.
Баранавіцкі раён трапіў у так званую буферную зону па прафілактыцы распаўсюду АЧС. У гэтай зоне насельніцтва павінна неадкладна правесці забой свойскіх свінняў, аднак падобныя карныя меры не тычацца мясакамбінату “Усходні”, на якім нядаўна загінулі сотні свінняў ад іншай хваробы — рэспіраторна-рэпрадукцыйнага сіндрому.