У Беларусь прыехаў новы кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС Стэн Нёрлаў
Стэн Нёрлаў / coe.int
У Беларусь прыехаў новы кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза, павераны ў справах ЕС у нашай краіне Стэн Нёрлаў. 13 ліпеня ён наведаў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і ўручыў даверчыя лісты.
"З удзячнасцю на адрас Беларусі за сардэчны прыём, я з нецярпеннем чакаю магчымасці прымяніць больш як чвэрць стагоддзя дыпламатычнага досведу ў супольнай працы з беларусамі ва ўрадзе і па-за ўрадам дзеля агульнай будучыні ў Еўропе бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай", — піша Нёрлаў у Facebook.
Пра прызначэнне Стэна Нёрлава 20 красавіка абвясціў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Раней Нёрлаў кіраваў офісам прадстаўніка Генеральнага сакратара Савета Еўропы па каардынацыі праграм супрацоўніцтва СЕ ва Украіне, працаваў намеснікам кіраўніка місіі амбасады Даніі ў Расіі.
У 2019-2022 гадах кіраўніком дыппрадстаўніцтва ЕС у Беларусі быў Дзірк Шубель. Летам 2021-га на патрабаванне МЗС РБ ён быў вымушаны выехаць у Еўрасаюз "для кансультацый" і назад вярнуцца ўжо не змог. "Беларускія ўлады вырашылі не працягваць мне візу і акрэдытацыю яшчэ на год", — пісаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.