У Беларусі амаль не засталося расійскіх вайскоўцаў
Сяргей Наеў
Праз беларускія вайсковыя палігоны і навучальныя цэнтры прайшло каля 24 тыс. грамадзянаў Расіі, цытуе ўкраінскага генерал-лейтэнанта Сяргея Наева ўкраінскае выданне Укрінфарм.
— З кастрычніка 2022 па ліпень 2023 года гады на тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялі падрыхтоўку мабілізаваных расіян. Напачатку курс доўжыўся каля 3 месяцаў, далей – адзін месяц, што было звязана са стратамі ў асабовым складзе і патрэбай даўкамплектоўваць небаяздольныя падпадзелы.
У Беларусі з ліпеня няма наземнага кантынгенту расійскіх вайскоўцаў. Але некаторыя расійскія аб'екты працягваюць функцыяваць, кажа Наеў.
— Працягваюць функцыяваць пэўныя расійскія аб'екты, якія забяспечваюць папярэджанне пра ракетны напад, аб'екты далёкай сувязі і эксплуатацыі расійскіх сістэм СПА і самалётаў, усяго да 2 тыс. чалавек.
Напачатку жніўня большасць расійскіх самалётаў і ўсе шрубалёты перабазавалі на расійскія аэрадромы. На сёння на тэрыторыі Беларусі застаюцца тры баявыя самалёты (Су-30СМ) і два самалёты-выведнікі (Су-24МР), якія прыцягваюць да выканання заданняў Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.