У Беларусі для кітайскіх студэнтаў працягнулі на 2 тыдні зімовыя канікулы
У Беларусі для кітайскіх студэнтаў працягнулі на 2 тыдні зімовыя канікулы. Такую рэкамендацыю ВНУ краіны атрымалі з Міністэрства адукацыі. Працягненне канікул датычыць тых замежнікаў, якія паехалі на радзіму святкаваць кітайскі Новы год. Прычына — распаўсюд у КНР каранавіруса. Ужо вядома пра больш за сотню ахвяр захворвання.
Студэнцкія канікулы пачаліся 25 студзеня, да 10 лютага кітайцы мусілі вярнуцца ў Беларусь. Цяпер жа іх прыезд адкладзены да канца лютага. З-за працяглых канікул у ВНУ збіраюцца распрацаваць індывідуальныя графікі навучання для кітайцаў.
Грамадзяне КНР вучацца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіянальных ВНУ. Агулам кітайскіх студэнтаў у нашай краіне налічваецца каля 4000. Кожны трэці з іх навучаецца ў БДУ.
На сённяшні дзень у Беларусі не выяўлена ніводнага выпадку захворвання на новы тып каранавіруса. Нашы ўлады не плануюць прыпыніць безвіз з КНР. У нацыянальным аэрапорце "Мінск" будзе наладжаны двайны медыка-санітарны кантроль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.