У Беларусі ў парку "Вялікі камень" рыхтуюцца да прыезду 400 кітайцаў
У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" пад Мінскам рыхтуюцца да прыезду 400 кітайцаў. Яны там працавалі і з'ехалі ў адпачынкі, збіраюцца вярнуцца пасля святкавання кітайскага Новага года. Як вядома, у КНР ад новага тыпу каранавіруса памерлі ўжо 80 чалавек, захворванне пацверджана ў амаль 3 тысяч, яшчэ каля 6 тысяч — на падазрэнні. Трывожныя навіны з Кітая непакояць беларусаў.
У прэс-службе парку "Вялікі камень" Еўрарадыё распавялі, што не ўсе кітайцы з'ехалі, некаторыя працягваюць працу. Што ж да тых, хто цяпер знаходзіцца ў Кітаі, то іх вяртанне чакаецца толькі ў наступным месяцы, найхутчэй у сярэдзіне лютага. Якія меры бяспекі і прафілактыкі будуць ужывацца, стане вядома бліжэй да часу прыезду кітайцаў. У любым разе санітарны кантроль арганізаваны ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.