У Беларусі на абмеркаванне вынеслі дакументы аб спрашчэнні вядзення бізнесу
У Беларусі на грамадскае абмеркаванне вынеслі пакет нарматыўных прававых актаў аб спрашчэнні ўмоваў вядзення бізнесу. Дакументы, а гэта праекты дэкрэта і некалькіх указаў, з’явіліся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч адзначыў, што асноўныя змены ў дэкрэце прадугледжваюць працэдуру адкрыцця бізнесу і вядзення сваёй справы. Прапануецца, што каб прадпрымальніку адкрыць кавярню, яму будзе дастаткова паведаміць пра гэта ў мясцовыя органы ўлады. Ён мусіць гарантаваць, што будзе выконваць усе неабходныя патрабаванні, а іх пераклік звядуць да мінімуму, інфармуе БЕЛТА.
Змены датычаць і дзейных пажарных і санітарных правілаў, якія адменяць, а новыя будуць таксама зведзеныя да мінімуму. Прадугледжваецца істотнае змяншэнне колькасці праверак (застануцца толькі пазапланавыя праверкі). Прапануецца ўвесці інстытут падатковых кансультантаў — “пасярэднікаў” паміж бізнесам і падатковымі органамі. У такім выпадку прадпрымальнікам не трэба будзе разбірацца з усімі дэталямі падаткаабкладання, адзначыў Міцкевіч. Паводле яго слоў, адначасова са спрашчэннем патрабаванняў, прапануецца ўзмацніць адказнасць уладальнікаў бізнесу за іх выкананне.
Грамадскае абмеркаванне будзе праходзіць на працягу месяца.