СМІ: У Беларусі на грошы ЕС пабудуюць лагеры для бежанцаў

СМІ: У Беларусі на грошы ЕС пабудуюць лагеры для бежанцаў

У Беларусі на грошы Еўрасаюза пабудуюць лагеры для бежанцаў. Пра гэта піша газета Tageszeitung, якая спасылаецца на дакумент Еўракамісіі, які прызначаны для ўнутранага карыстання. Нібыта, у бліжэйшыя гады на гэтыя мэты беларускаму боку будзе выдаткавана 7 мільёнаў еўра.

Ужо існуе праект, у якім лагеры называюцца "цэнтрамі размяшчэння мігрантаў". Яны будуць як адкрытага, так і закрытага тыпу. У апошнім выпадку мігранты будуць утрымлівацца пад аховай да часу дэпартацыі ці добраахвотнага выезду з Беларусі. Плануецца, што ў кожным такім лагеры будзе 30-50 месцаў. Падкрэсліваецца, што гэтыя аб'екты будуць "адпавядаць лепшым міжнародным і стандартам ЕС".

Мяркуецца, што ў такіх лагерах размесцяць бежанцаў з Украіны, з Сірыі, а таксама "асобаў, якія з'язджаюць ад эканамічнага крызісу ў Расіі і шукаюць працу ў краінах ЕС". Пра чачэнцаў тут гаворка не ідзе, паколькі яны — грамадзяне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Нямецкае выданне адзначае, што перадумовай для згаданага праекту сталі перамовы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пра міграцыйныя пагадненні. Іх тры — пра спрашчэнне ўмоваў уезду грамадзян Беларусі ў краіны Шэнгена, пра спрашчэнне выдачы працоўных і студэнцкіх віз, а трэцяе — паслуга за першыя два, па ім Беларусь абавязуецца забіраць бежанцаў, якія трапляюць у ЕС праз беларускую тэрыторыю. У публікацыі адзначаецца, што якраз па гэтым пытанні перамовы ідуць складана. У Беларусі незадаволеныя, што пытанні з візамі ў Бруселі гатовыя ўхваліць толькі пасля таго, як вырашыцца пытанне з бежанцамі, піша inopressa.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі