У Беларусі памерла яшчэ адна ўкраінка, прымусова вывезеная з-пад Кіева
Барадзянка пасля вызвалення ад расійскай акупацыі
Пра смерць у Беларусі яшчэ адной украінкі, прымусова вывезенай з-пад Кіева, перадае Радыё "Свабода".
96-гадовую ўкраінку расіяне ў сакавіку 2022 года прымусова вывезлі ў Беларусь з горада Барадзянка Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці. Як даведаліся журналісты, жанчыну перавезьлі ў Ветку Гомельскай вобласці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. Праз тры месяцы пасля вывазу, у чэрвені 2022-га, яна памерла ад сардэчнай недастатковасці. Пахавалі ўкраінку на могілках у Ветцы. На радзіме ў яе застаўся толькі ўнук.
Раней, у снежні 2023-га, стала вядома пра смерць 15-гадовай Арыны Яцюк. Расійскія салдаты паранілі яе ў сакавіку 2022-га пад Кіевам пры спробе эвакуацыі. Цела дзяўчыны захоўвалася ў моргу Мазыра на Гомельшчыне. Сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, але безвынікова: беларускія чыноўнікі адказвалі, што не маюць ніякіх звестак пра Арыну. Апазналі дзяўчыну па ДНК пасля таго, як цела перадалі ва Украіну ў парадку абмену.
Барадзянка, з якой вывезлі 96-гадовую ўкраінку, стала нароўні з Бучай і Ірпенем сімваламі жорсткасці расійскіх акупантаў у адносінах з цывільным насельніцтвам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.