"Горш, чым Буча" і адвод расійскіх войскаў 43-я раніца вайны

Ратавальнікі разбіраюць завалы ў горадзе Барадзянка Кіеўскай вобласці / facebook.com/bochkala
Ратавальнікі разбіраюць завалы ў горадзе Барадзянка Кіеўскай вобласці / facebook.com/bochkala

Расійскія вайскоўцы цалкам сышлі з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцей. Масква засяроджвае сілы ва усходніх рэгіёнах Украіны — Данецкай і Луганскай абласцях, гэта дадзеныя Пентагона. Іх прыводзіць украінскі рэсурс "Громадське".

У Луганскай вобласці расійскія войскі абстралялі шпіталь у Севераданецку, гарэў дах, распавёў у традыцыйнай ранішняй зводцы кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай. Ён не змог сказаць, колькі шматпавярховак учора пацярпела тут праз абстрэлы — службы яшчэ працуюць, знаходзяць разбурэнні там, дзе пасля траплення расійскіх снарадаў не было пажараў. Разбурэнні дамоў, па словах Гайдая, ёсць і ў Лісічанску, Навадружаску і Ташкоўцы.

"Барадзянка — гэта горш, чым Буча. Спрабаваў знайсці хоць адзін прыстойны дом, не змог", піша з месцы ўкраінскі журналіст Раман Бачкала. Пра Барадзянку — горад ў Кіеўскай вобласці — напярэдадні гаварыў і міністр унутраных спраў Дзяніс Манастырскі. Па яго словах, Барадзянка з'яўляецца адным з найбольш разбураных населеных пунктаў рэгіёну.

"Мясцовыя жыхары распавядаюць пра тое, як самалёты ў першыя дні вайны заходзілі і ракетамі з нізкай вышыні абстрэльвалі гэтыя дамы. Ратавальнікі прыехалі адразу пасля выбуху дома, пачалі разбіраць, аднак вораг пачаў абстрэльваць ратавальнікаў", — прыводзіць словы Манастырскага "Громадське".

"Хуже, чем Буча" и отвод российских войск — 43-е утро войны
Разбурэнні ў горадзе Барадзянка / facebook.com/bochkala

Газета New York Times напярэдадні напісала, што відэа з расстрэлам расійскіх палонных реальнае. Кадры з'явіліся ў сацсетках ў панядзелак. Пры гэтым у некаторых палонных былі звязаны рукі.

Па дадзеных NYT, відэа было знята ў вёсцы пад Кіевам. Раней Мінабароны Украіны паведамляла аб знішчэнні расійскай калоны ў гэтых месцах. А УНІАН паведаміла, што аперацыю правёў "Грузінскі легіён", які складаецца з добраахвотнікаў з Грузіі.

І яшчэ адно паведамленне ад The New York Times. Выданне сцвярджае са спасылкай на высокапастаўленых заходніх чыноўнікаў, што NATO цяпер падзялілася на два лагеры: адны хочуць "паставіць Расію на калені", іншыя — падтрымліваць з ёй сувязі. У першым лагеры апынуліся краіны Цэнтральнай Еўропы, у прыватнасці Польшча і краіны Балтыі. Яны выступаюць за разрыў адносін з Масквой. У той жа час Францыя, Германія і Турцыя лічаць, што кантакты з РФ неабходна падтрымліваць.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у сваім чарговым звароце зноў казаў пра Бучу. Пра тое, што "падобна, у свеце нарэшце сур'ёзна мяняецца стаўленне да сучаснай расійскай дзяржавы", што пасля ўбачанага стаўленне будзе простым: "альбо падтрымліваеш пошук міру, альбо падтрымліваеш нічым не апраўданыя масавыя забойствы". Ён таксама заклікаў кіраўнікоў абласцей, дзе няма пагрозы непасрэдных боесутыкненняў, забяспечыць працу эканомікі. Людзі і прадпрыемствы павінны працаваць. "Эканоміка, якая працуе  — гэта так жа важна, як і моцная армія", — адзначыў ён.

Офіс генеральнага пракурора Украіны паведаміў раніцай, што з пачатку вайны ў краіне загінулі 167 дзяцей. Адна з апошніх ахвяраў — 12-гадовая дзяўчынка. Яна згарэла ў аўтамабілі на трасе паблізу вёскі Ягаднае Чарнігаўскай вобласці падчас абстрэлаў. Учора яе цела прывезлі ў морг.

Раненні за гэты час атрымалі каля 300 дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі