Цела ўкраінскай дзяўчынкі, якую шукалі сваякі, хавалі ў Беларусі

Арына Яцюк 

Арына Яцюк  / obozrevatel.com

Цела ўкраінскай дзяўчынкі, якую шукалі сваякі ў розных краінах, хавалі ў Беларусі — яно знаходзілася ў моргу Мазыра, піша obozrevatel.com. 15-гадовая Арына Яцюк была параненая расійскімі салдатамі 3 сакавіка 2022 года на Жытомірскай трасе, яе бацькоў забілі. Яны ехалі на аўтамабілі, які расіяне абстралялі. 9-гадовую сястру Валерыю пакінулі мясцовым жыхарам (яна выжыла і цяпер жыве ў сваякоў у Польшчы), а параненую Арыну акупанты забралі з сабой нібыта для лячэння. Ад таго часу пра яе лёс не было ніякіх звестак.

Сваякі пісалі шматлікія звароты ў РБ, але кожны раз атрымлівалі адказ, што Арыны Яцюк на тэрыторыі Беларусі няма ні сярод жывых, ні сярод мёртвых. Аднак сёлета цела дзяўчынкі перадалі ва Украіну па абмене, яе апазналі па ДНК. 

"Увесь гэты час цела ўнучкі ляжала ў Мазыры, — расказвае дзядуля Валянцін Іванавіч. — Там былі даныя, як яе завуць. Але нам ніхто нічога не казаў, усё хавалі. Напэўна, яна памерла ў той жа дзень, 3 сакавіка. Калі б ёй адразу аказалі дапамогу, перавязалі нагу, можа, яна засталася б жывая".

У кастрычніку сваякі пахавалі Арыну ва Умані Чаркаскай вобласці побач з забітымі бацькамі.

Цела ўкраінскай дзяўчынкі, якую шукалі сваякі, хавалі ў Беларусі
З сям'і Яцюк выжыла толькі Валерыя (злева) / gazetaby.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі