У Беларусі павысілі тарыфы на электраэнергію і газ для арганізацый-ільготнікаў
У Беларусі на 24,5% павышаныя тарыфы на электрычную і цеплавую энергію для тых арганізацый, якія аплачваюць яе па тарыфах для насельніцтва. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Міністэрства эканомікі, яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Як адзначае БелаПАН, гаворка ідзе пра арганізацыі аховы здароўя, рэлігійныя арганізацыі, садаводчыя таварыствы, дачныя кааператывы, арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду. Тарыф на электраэнергію для іх складзе 1.188 рублёў за 1 кВт/гадз, для гаражных кааператываў — 1.900 рублёў.
Таксама павышаны цэны на прыродны газ за 1 куб. м з ПДК, які адпускаецца "Белтопгазам" арганізацыям, што маюць інтэрнаты (рэлігійным арганізацыям, дзіцячым дамам сямейнага тыпу, дзiцячым вёскам (гарадкам)). Пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў кошт у ацяпляльны перыяд складзе 776,3 рублёў, у летні перыяд — 2.842,2; пры адсутнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў — 2.842,2.
Пастанова Мінэканомікі пачне дзейнічаць з 27 студзеня.
Як паведамляла Еўрарадыё, 1 студзеня ў Беларусі на 20% выраслі тарыфы на газ, электрычную і цеплавую энергію для насельніцтва.