У Беларусі прапануюць за рэабілітацыю нацызму адпраўляць за краты

У Беларусі прапануюць за рэабілітацыю нацызму адпраўляць за краты

У Беларусі прапануюць за рэабілітацыю нацызму адпраўляць за краты. Законапраект, які паступіў у Палату прадстаўнікоў, прадугледжвае за падобныя дзеянні крымінальную адказнасць. Як інфармуе партал tut.by, законапраект па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму распрацаваны Саветам міністраў. Мяркуецца, што ў першым чытанні дэпутаты яго разгледзяць ужо да канца восеньскай сесіі.

Дакумент уносіць дадаткі ў 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі "Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні". За "наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму" прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. За захоўванне або набыццё ў мэтах распаўсюду нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сімволікі і атрыбутыкі прапануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць (змены могуць унесці ў артыкул 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).

На сённяшні дзень штрафам ці адміністрацыйным арыштам караюць за прапаганду, публічную дэманстрацыю, выраб і распаўсюд нацысцкай сімволікі, атрыбутыкі. Сярод прапаноў — увядзенне большай адказнасці за паўторныя такія дзеянні на працягу года. Напрыклад, для фізічнай асобы штраф павялічыцца з 245 да 490 рублёў.

Згаданы законапраект запатрабаваў унясенне правак у закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Прапануецца забараніць рэабілітацыю нацызму, а таксама выраб, распаўсюд, прапаганду і публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі, атрыбутыкі. Аналагічную забарону могуць увесці і ў дачыненні "атрыбутыкі альбо сімволікі экстрэмісцкіх ці тэрарыстычных арганізацый". Іх спіс распрацуюць і апублікуюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі