У Беларусі ўзмацняецца кантроль за цэнамі ў перыяд навагодніх святаў

У Беларусі ўзмацняецца кантроль за цэнамі ў перыяд навагодніх святаў

У Беларусі ўзмацняецца кантроль за цэнамі ў перыяд навагодніх святаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства гандлю. Яно звярнула ўвагу галіновых міністэрстваў, канцэрнаў, абласнога і Мінскага гарадскога выканкамаў "на неабходнасць узмацнення кантролю за цэнамі на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні".

У Мінгандлю адзначаюць, што гэты крок скіраваны "ў тым ліку на забеспячэнне выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па зніжэнні інфляцыі і абмежаванні ў 2015 годзе спажывецкіх цэн на ўзроўні не больш як 12%".

Прэс-служба міністэрства інфармуе, што "зараз у цэлым сітуацыя з цэнамі на спажывецкім рынку Беларусі дастаткова спакойная. Асобныя спробы неабгрунтавана павялічыць цэны адсочваюцца і спыняюцца".

Дарэчы, з пачатку 2015 года парушэнні заканадаўства аб цэнаўтварэнні выяўленыя больш як у 50 суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку ўстаноўленых рэгуляваных цэн і гандлёвых надбавак — у 32 з іх.

Міністэрства гандлю нагадвае, што 19 снежня 2014 года Саўмін прыняў пастанову № 1207 "Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку", якой уведзены мараторый на рост адпускных і рознічных цэн. "Гэтая пастанова дзейнічае і цяпер. У сувязі з гэтым звяртаем увагу, што неабходна кіравацца апошняй рэдакцыяй гэтай пастановы (ад 31 сакавіка 2015 года) і заканадаўствам аб цэнаўтварэнні", — сказана ў паведамленні.

БелаПАН дадае, што 10 снежня начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Віялета Бразоўская паведаміла журналістам, што міністэрства зноў, як і летась, уводзіць мараторый на рост цэн. Паводле яе слоў, галіновым міністэрствам, канцэрнам, абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам прадпісана аб'явіць мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных цэн на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі