У Беларусі выбіраюць птушку года
Адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты — таўстадзюб / фота Іны Шкурко, ptushki.org
Арнітолагі запусцілі кампанію па выбары птушкі 2023 года. Двух кандыдатаў вылучаюць яны самі. Яшчэ аднаго прапануюць вызначыць праз праймерыз.
Галасаванне па выбары "народнага кандыдата" ўжо ідзе. Прагаласаваць можна на сайце грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ). Прэтэндэнтаў у кандыдаты пяцёра. Гэта вялікі баклан, шэрая варона, звычайная чаротаўка, вялікі савук, таўстадзюб.
"У мінулым годзе мы ўпершыню правялі праймерыз па выбары інтэрнэт-кандыдата. Вылучэнне ў два этапы добра спрацавала, і гэты кандыдат выйграў выбары на з'ездзе і на сёння з'яўляецца птушкай года Беларусі!" — нагадаў кіраўнік АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
Птушкай 2022 года ў Беларусі стала белая сініца.
Прагаласаваць за цяперашняга "народнага кандыдата" можна да 30 студзеня. Усю інфармацыю пра кожнага прэтэндэнта можна знайсці тут.
Птушку 2023 года выберуць 5 лютага падчас з'езду АПБ. Сустрэча пройдзе ў анлайн-фармаце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.