У Беларусі закрылі доступ да сайта "Хартыя'97"
Папулярны апазіцыйны сайт "Хартыя'97" перастаў адчыняцца ў карыстальнікаў з Беларусі. У тых, хто спрабуе зайсці на сайт, ён або не загружаецца, або адчыняецца акно, якое паведамляе, што сайт унесены ў спіс абмежаванага доступу.
Трапіць на старонку "Хартыі'97" не могуць карыстальнікі ні са стацыянарных кропак доступу, ні праз мабільны інтэрнэт.
Нагадаем, што некалькі тыдняў таму беларускія ўлады без тлумачэння прычынаў перакрылі доступ да сайта "Беларускі партызан". Доступ да яго адкрылі толькі пасля таго, як рэдакцыя сайта зарэгістравала інтэрнэт-рэсурс у беларускай даменнай зоне.